|
Кацярына Шатэрнік
+ Перайсьці да ўсіх навін раздзела Культура
![]() «Ў» — галерэя з атмасфэрай вольнай культуры, дзе кожны можа пазнаёміцца з актуальнымі, сучаснымі напрамкамі ў мастацтве, наведаць лекцыі вядомых мастацтвазнаўцаў, узяць удзел у майстар-клясах, даведацца пра навінкі аўтарскага кіно… Галерэя «Ў» — гэта актыўная арт-пляцоўка, дзе штодзённа адбываюцца цікавыя культурныя падзеі.Гэты ўнікальны праект яднае ў адной прасторы галерэйную залю, кнігарню й утульную кавярню для наведвальнікаў зь бібліятэкай літаратуры па сучасным мастацтве. Галерэя ўзьнікла не на пустым месцы, у падмурак гэтага праекту лёг шасьцігадовы досьвед працы галерэі «Падземка», дзейнасьць якой пачалася ў 2004 годзе й была спыненая ў красавіку 2009. З пачатку існаваньня галоўная мэта «Падземкі» палягала ў прэзэнтацыі сучаснага беларускага мастацтва — як маладых, так і ўжо вядомых аўтараў — пры дапамозе пэрсанальных і групавых выстаўных праектаў у самой галерэі (выстаўная плошча якой складала каля 30 кв. м) і на іншых пляцоўках краіны й за мяжой. Галерэя знаёміла беларускага гледача з сучаснымі мастакамі й актуальнымі практыкамі мастацтва ня толькі Беларусі, але і іншых краін. За гады працы «Падземка» правяла больш за 100 праектаў, уключна зь міжнароднымі, якія ахоплівалі практычна ўсе напрамкі сучаснага мастацтва: жывапіс, скульптура, фатаграфія, літаратурныя прэзэнтацыі, музычныя міні-канцэрты, інсталяцыя й пэрформанс. Галерэя «Ў» мае на мэце працягнуць тэндэнцыі, вызначаныя працай «Падземкі», і ўзьняць іх на больш прафэсійны ўзровень. Новая пляцоўка — каля 120 квадратных мэтраў толькі выстаўнай прасторы — дае магчымасьць праводзіць мастацкія праекты ў новым фармаце. Адным з важных напрамкаў працы галерэі «Ў» зьяўляецца адукацыйная дзейнасьць: арганізацыя й правядзеньне сэмінараў, «круглых сталоў» і іншых культурных мерапрыемстваў у галіне мастацтвазнаўства, арт-мэнэджмэнту, куратарскай справы з удзелам як беларускіх, гэтак і замежных спэцыялістаў. Мэта гэтых адукацыйных мерапрыемстваў — акумуляцыя вакол галерэі ня толькі мастакоў, але і куратараў, крытыкаў і аналітыкаў, стварэньне ўмоваў для фармаваньня крытыка-аналітычнага асяродзьдзя. Арганізуючы супольна з гэткімі адмыслоўцамі выставы й культурныя акцыі, мы здолеем разьвіваць у краіне сучасныя стандарты прэзэнтацыі й ацэнкі актуальнага мастацтва, што будзе садзейнічаць папулярызацыі сучаснага й актуальнага мастацтва ў Беларусі. Намінаваньне галерэі "Ў" і яе адміністратаркі Кацярыны Шатэрнік - адзначэньне адной з найбольш цікавых і насычаных культурных зьяваў мінулага году.
|