|
СучБелЛіт
+ Перайсьці да ўсіх навін раздзела Культура
![]() Першапачаткова СучБелЛіт была ЖЖ-суполкай, якая асьвятляла апошнія падзеі ў сучаснай літаратуры. Ініцыятары праекта літаратарка Ася Паплаўская і распаўсюднік беларускай літаратуры Алесь Мазанік так тлумачылі прызначэньне пляцоўкі: "Суполка створаная з мэтай аб'яднаньня сучаснай беларуская літаратуры на адной пляцоўцы, а таксама папулярызацыі сучасных твораў, пашырэньня кола чытачоў. У нас можна знайсьці літаратурныя навіны, інфармацыю пра кніжныя навінкі, літаратурную крытыку, праблемныя артыкулы, абмеркаваньні найбольш актуальных тэм сучаснага літаратурнага працэсу, апытаньні, галасаванкі, мобы, фотаздымкі літаратараў і многае іншае." Пасьля зьявіліся конкурсы, намінацыі і, нарэшце, суполка выйшла ў рэальнае жыцьцё - пачалі ладзіцца рэгулярныя сустрэчы ў кавярнях, дзе абмяркоўваліся падзеі ў літаратурным жыцьці, чыталіся вершы і творы маладых аўтараў. Далей суполка выйшла ў этэр - зьявілася адмысловая праграма на NetRadio, дзе да вядоўцы Асі Паплаўскай рэгулярна завітваюць вядомыя і ня вельмі творцы. Алесь Мазанік і Ася Паплаўская спыняцца ня зьбіраюцца - ужо зьявілася новая суполка - ІнБелКульт. “Гэтая суполка адрозьніваецца ад іншых тым, што спрабуе ахапіць увесь спэктар беларускай альтэрнатыўнай культуры — ад літаратуры і аўтарскай музыкі да выставаў жывапісу і батлейкі. “Інбелкульт” — гэта інтэрнэт-суполка, якая аб’ядноўвае людзей, якія гатовыя прапанаваць нешта творчае, а таксама гэтую творчасьць спажываюць," - сьцьвярджае Алесь Мазанік. Чакаем сюрпрызаў і творчых прарываў.
|