Таццяна Шапуцька









Таццяна Шапуцька
+ Перайсьці да ўсіх навін раздзела Змагар года

Прыгажуня і маладафронтаўка Тацьцяна Шапуцька зьбіралася асабістым прыкладам засьведчыць - дэмакратычныя актывісты могуць атрымоўваць адукацыю ў Беларусі. І сапраўды была добрым прыкладам - выдатніца і студэнтка другога курса БДУ, прэсавая сакратарка Маладога Фронту, удзельнік практычна ўсіх мерапрыемстваў дэмакратычных сілаў за апошнія некалькі год.

На жаль, доўга такім пазытыўным прыкладам Тацьцяна заставацца не змагла. І пасьля ўдзелу ўва ўстаноўчым саміце "Усходняга партнэрства" маладафронтаўка была адлічана. Многія ўнівэрсытэты ганарыліся б такой актыўнай і пасьпяховай студэнткай, аднак кіраўніцтва лепшай навучальнай установы краіны палічыла два дні пропускаў, адсутнасьць запазычанасьцяў, лепшыя вынікі па замежных мовах і сярэднюю балю 8.5 дастатковым для адлічэньня.

Аднакурсьнікі Тацьцяны адразу арганізавалі збор подпісаў у падтрымку выключанай студэнткі і цягам некалькіх дзён перадалі кіраўніцтву БДУ чатыры сотні подпісаў. У той час сытуацыю зь дзяўчынай асьвятлялі практычна ўсе СМІ краіны ўлучна з БТ, а камэнтары давалі кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Уладзімер Макей і міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў.

Нягледзячы на рэзананс і абурэньне эўрапейскіх палітыкаў, Таня атрымала адмоўныя адказы па сваіх скаргах. Аднак, і прымаць прапановы замежных ВНУ яна не зьбіраецца. Маладафронтаўка мае намер застацца ў Беларусі і працягнуць навучаньне завочна.